Главная » 2014 » Февраль » 13 » Партрэты на памяць.
01:18
Партрэты на памяць.

Частка першая. А.

Ішоў снег. Кружляў па коле, вырываўся з яго, засыпаў дамы і твары. Дамы яшчэ спалі, а заспаныя твары, умытыя снегам, у змрочным ранішнім святле выглядалі асветленымі. Грукат трамвая, дробнае трымценне шкла ў такт яму стваралі адчуванне руху. "Цікава...колькі часу можна зусім не варушыцца?" - праплывала думка ў галаве Мар'яны. Раз, два, тры... "- Прабачце!" - перабіла думкі кабета ў жоўтым капелюшы і з пытаннем у вачах паглядзела на Мар'яну. Тая адказала тым жа здзіўленым позіркам. "- Вы выходзіце ці не?"- ужо крыху нецярпліва прамовіла кабета. "- Прабачце..." - нібы рэха паўтарыла Мар'яна і адыйшла ўбок. "Раз, два, тры...." - "Прабейце, калі ласка, талончык!" - звярнулася да яе далонь з прыгожымі блакітнымі пярсцёнкамі на пальцах. "- На шчасце" - сказала Мар'яна замест "калі ласка" і аддала руцэ талончык. "Раз, два..." "Калініна. Наступны прыпынак..." - "Вой, гэта ж мой!" - ускрыкнула Мар'яна і кінулася да дзвярэй. "- Заснула хіба?" - крыкнула ёй наўзагон старая, што змушана была прапусціць Мар'яну ля выхаду. Дзверы зачыніліся, не чакаючы адказу, прыхапіўшы гаманкі вір галасоў, ціхенька здрыганулася шкло і трамвай паплыў па рэйках. Мар'яна стаяла, гледзячы на чырвонае святло светлафора, а на яе кудзеркі і плечы ляцеў бялюткі снег. Белы-белы снег і чырвонае святло. Неўзабаве запаліўся зялёны. Натоўп зварухнўся і перакаціўся праз дарогу. 
- Не падкажыце колькі часу? - пачула Мар'яна недзе над галавой і ў гэты момант пабачыла зусім побач з сабой высокага сухарлявага старога ў чорным палітоне. 
- Шмат, - весела адказала яна. 
- У вас яго сапраўды шмат, дзяўчынка вы мая, - пасміхнуўся стары. - А ў мяне зусім няма, таму і пытаюся. 
- Зараз дзевяць, - зірнула Мар'яна на гадзіннік. Але стары ўжо сыходзіў. - Дзевяць! - крыкнула яна наўздагон спіне, што аддалялася з кожным крокам і гублялася ў снежнай віхуры. - Дзевяць...зачаравана паўтарыла для сябе. 
Раз, два, тры... Помнік загінулым салдатам. Зараз Мар'яна ўжо ведала гэта, а раней ёй заўсёды здавалася, што тая постаць - нібы перамога чалавека над перашкодамі, з каменнага слупу ён узнімае рукі і пераадольвае сцяну, застылы ў нерухомым памкненні да неба. З неба прыбывала лавіна снегу. "Гэта ўсе студзеньскія птушкі скінулі свае пёркі на зямлю" - падумалася ёй. Мар'яна крочыла ўніз, дамкі-чатырохпавярховікі прытуліліся адзін да аднога, з некаторых вакенцаў прама на вуліцу трапляла прыязнае памаранчавае цяпло запаленых лямпаў і ў ім мроілася ледзь прыкметная пара гарачай гарбаты. "Цікава...чаму ўсё павінна так імчацца і варушыцца?" Мар'яна выдыхала воблачкі пары ў марознае паветра і лічыла пра сябе хуткія крокі: Раз, два, тры...Дзевяць трыццаць, Дубоцкая! - надзьмута прамовіў кіраўнік адзелу, гледзячы на чырвоныя шчокі Мар'яны. - Я запішу вам спазненьне. 
- Я не спазнілася, бо спазніцца - гэта калі ўжо позна! А яшчэ зусім ні для чаго не позна, Максім Мікалаевіч! - з пачуццём прамовіла Мар'яна, распісваючыся ў кнізе прыбыцця на працу. 
 Кіраўнік на імгненне збянтэжыўся, але хутка апамятаўся і ўжо менш сувора дадаў: 
- Працоўны дзень пачынаецца ў дзевяць. Каб больш без спазненняў.
Дзевяць...Мар'яна трапіла на сваё працоўнае месца са стосамі паперы і прывітальна міргаючым маніторам, падыхала на замерзлыя далоні і паглядзела праз вакно: там ішоў снег...раз, два, тры...кружлялі ў зачараваным танцы сняжынкі, апускаючыся долу...
 
Просмотров: 619 | Добавил: Дикая | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]